Рашэнне:
Прадукт — беларуская бульба вышэйшага гатунку. Мэта, якая стаяла перад намі падчас распрацоўкі гандлёвай маркі, — падкрэсліць сумленны і дбайны падыход вытворцы да сваёй справы, стварыць вобраз адборнага, вырашчанага з любоўю прадукту, і такім чынам вылучыць тавар на паліцы.
У нас не было сумневаў у тым, што брэнд будзе нацыянальна арыентаваным: беларусы славяцца не толькі сваёй любоўю да бульбы, але і ведамі, досведам, экспертнасцю ў вырошчванні і прыгатаванні гэтага прадукту — справах, якія сталі, па сутнасці, сакральнай традыцыяй шматлікіх пакаленняў.
Беларускамоўны нэйм «Бабіна лета» распавядае пра прыгожую пару, калі напачатку кастрычніка на некалькі дзён ці нават на тыдзень нібыта вяртаецца лета — чароўны перыяд напрыканцы збору ўраджаю бульбы.
Галоўным стылеўтваральным элементам дызайн-канцэпту выступаюць чорна-белыя фота брэнд-персанажаў — вясковых бабуль, тых самых носьбітаў традыцыі, досведу, ведаў і любові. Іх вобразы падтрымліваюць нэйм і разам з ім адлюстроўваюць галоўныя ідэі пазіцыянавання — экспертнасць і душэўнасць. Важна адзначыць, што на здымках, зробленых фатографам агенцыі спецыяльна для праекта, не акторкі, а сапраўдныя беларускія гаспадыні ў звычайных для іх жыццёвых абставінах — сітуацыях, звязаных з вырошчваннем і прыгатаваннем бульбы. Імёны і партрэты бабуль на ўпакоўках паўстаюць сімваламі якасці прадукту. А каб яшчэ больш падкрэсліць ідэю экспертнасці, мы зрабілі ўпакоўку як мага болей інфармацыйна насычанай, змясціўшы на ёй карысныя характарыстыкі бульбы, рэкамендацыі па прыгатаванні кожнага асобнага гатунку і рэцэпты народных страў — праўдзівыя і правераныя пакаленнямі.
Лаканічнасць і мінімалізм чорна-белага фотаздымку стварае кантраст з насычаным колерам фону, дапоўненым далікатным патэрнам на тэму «бабінага лета». Гэта надае ўпакоўцы выразнасць і прэміяльны выгляд, вылучае яе на паліцы. Як і вытанчаная тыпаграфіка, фігурная плашка прадуктовай зоны, а таксама аўтарскія значкі інфаграфікі, выкананыя ў гравюрным стылі.
Відавое адрозненне адбываецца па фонавым колеры і фотаздымку з персанажам — кожная бабуля раіць асобны гатунак. Як вынік, свежае і арыгінальнае для катэгорыі рашэнне дазволіла прыцягнуць увагу да новага прадукту і ўдала адмежавацца ад канкурэнтаў.